Віртуальны патруль Літвы, які сочыць за дзейнасцю ў электроннай прасторы, аштрафаваў беларускага блогера Андрэя Павука на 150 еўра за рэпосты ў Facebook, у тым ліку матэрыялаў беларускіх прапагандыстаў. Пра гэта блогер паведаміў у Facebook.
«Віртуальны патруль вывучыў маю старонку ў Facebook (такі патруль ёсць у Літве) і знайшоў рэпосты гістарычных хронік са свастыкай, сярпом і молатам і георгіеўскай стужкай. Мінімальны штраф вы бачыце. Плюс канфіскоўваюць прыладу. У мяне яна была старая, і я яе да гэтага часу выкінуў (тэлефон). Пільнуйце!» — напісаў Павук.
У каментарах ён удакладніў, што амаль усе рэпосты рабіў ужо на тэрыторыі Літвы. І напісаў, што георгіеўская стужка ў яго допісах з’явілася, бо ён «выкарыстаў відэа з Азаранкам. Там яна ў яго на ноўце была».
Віртуальны паліцэйскі патруль пачаў працу ў Літве ў 2021 годзе. Ён ствараўся, каб расследаваць і не дапускаць злачынствы ў электроннай прасторы. Тады ў Дэпартаменце паліцыі адзначалі, што патруль у сацыяльных сетках або на навінавых парталах перш за ўсё будзе папярэджваць магчымых парушальнікаў публічна, потым будзе дасылаць асабістае паведамленне ў сетцы Facebook і электронны ліст. А ўжо затым, «калі незаконныя дзеянні не будуць спыненыя», — перадаваць адпаведнаму падраздзяленню паліцыі для далейшага расследавання.




