Эстонія папярэдзіла Беларусь, што разрывае пагадненне пра ўніканне двайнога падаткаабкладання і недапушчэнне ўхілення ад выплаты збораў у дачыненні да падаткаў на даходы. Пра гэта паведамляе Міністэрства па падатках і зборах (МПЗ).
Падатковыя дамоўленасці паміж Беларуссю і Эстоніяй перастануць дзейнічаць з 1 студзеня 2027 года. «Адпаведна, палажэнні пагаднення не падлягаюць прымяненню да даходаў, налічаных (выплачаных) з 1 студзеня 2027 года, а таксама да прыбытку за падатковыя перыяды, якія пачынаюцца з 1 студзеня 2027-га», — удакладнілі ў МПЗ.
Гэтае пагадненне паміж краінамі дзейнічае з 1998 года. Аднак Беларусь у аднабаковым парадку парушыла яго, часткова прыпыніўшы ягонае дзеянне ў дачыненні да рэзідэнтаў Эстоніі, тлумачылі раней ва ўрадзе Эстоніі. Сярод прычын, з якіх Талін вырашыў скасаваць пагадненне, таксама называлі суўдзел Беларусі ў вайне ва Украіне, якую развязала Расія.
Пасля заканчэння тэрміну дзеяння пагаднення даходы рэзідэнтаў абедзвюх краін — Беларусі і Эстоніі — будуць абкладацца падаткам паводле нацыянальнага падатковага заканадаўства — без абароны ад падвойнага падаткаабкладання. То-бок даход, атрыманы беларусам у Эстоніі, можа абкладацца падаткам і ў Беларусі.
Нагадаем, Беларусь з 1 чэрвеня 2024 года прыпыніла выкананне некаторых міжнародных дамоваў пра пазбяганне падвойнага падаткаабкладання (яны дазваляюць унікнуць сітуацыі, калі адны і тыя ж даходы падпадаюць пад падаткі ў дзвюх розных краінах). Тэрмін дзеяння гэтага рашэння Мінска — да 31 снежня 2026 года.
Пад абмежаванні трапілі тры палажэнні — пра дывідэнды, працэнты і даходы ад адчужэння маёмасці. У спіс краін, з якімі прыпыняецца выкананне некаторых палажэнняў міжнародных дамоваў, увайшлі ў тым ліку ЗША, Францыя, Данія, Польшча, Швецыя, Бельгія, Літва, Латвія, Нідэрланды, Чэхія, Германія, Вялікабрытанія. Агулам — 27 краін.
Чытайце таксама






