Сёння дзень нараджэння ў галоўнага рэдактара партала TUT.BY Марыны Золатавай — ёй спаўняецца 48 гадоў. Гэтае свята яна сустракае за кратамі ўжо пяты раз. Галоўнага рэдактара найбуйнейшага партала Беларусі затрымалі 18 траўня 2021 года, а ў сакавіку 2023-га асудзілі на 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Такі ж прысуд пачула Людміла Чэкіна — дырэктарка «ТУТ БАЙ медыя». Кожны дзень родныя і блізкія, калегі і сябры, а таксама беларусы, якія любілі і паважалі TUT.BY, чакаюць Марыну і Мілу на волі. У дзень нараджэння Марыны мы сабралі некалькі яе яркіх фота і папрасілі блізкіх і былых калег падзяліцца ўспамінамі пра гэтыя кадры.
«Плыць з ёю ў адной лодцы цудоўна»
— У апошні год [перад затрыманнем] мама атрымала правы і часта забірала мяне пасля заняткаў у выходныя на прагулкі. Гэта былі вельмі крутыя моманты, — расказвае дачка Марыны Надзея Кішкурна.
— Тым разам ёй прыйшла ў галаву ідэя пакатацца на лодцы, — апісвае дзяўчына кадр з 23 траўня 2020 года. — І ты адразу ж згаджаешся. Бо плыць з мамай у адной лодцы цудоўна: яна сама будзе адказна веславаць і стане тваёй першай заўзятаркай, калі ты пачнеш гэта рабіць. Мы трохі прамоклі, было весела, і мама ўвесь час нешта расказвала пра горад.
«Упершыню ў жыцці ўбачыла дыялог без словаў»
З 7 да 9 жніўня 2018 года сілавікі затрымалі амаль два дзясяткі журналістаў беларускіх медыя, у тым ліку галоўнага рэдактара TUT.BY Марыну Золатаву. Прычынай стала незаконнае выкарыстанне рэдакцыямі платнай падпіскі на матэрыялы дзяржаўнага інфармагенцтва БЕЛТА. Праз трое сутак з моманту затрымання журналістаў пачалі адпускаць са Следчага камітэта. Марына была сярод апошніх.
— Мы стаялі ля цэнтральнага ўваходу, чакалі, калі выйдзе Марына, — успамінае былая кіраўніца аддзела навін TUT.BY Ганна Калтыгіна, — але яе адпусцілі праз бакавы выхад дадатковага корпуса. І вось яна паказваецца. Насустрач — людзі, камеры, успышкі. А Марына бачыць толькі свайго мужа. Ён робіць крок да яе, яна да яго — і ўсё. Я, мабыць, упершыню ў жыцці ўбачыла дыялог вачыма без словаў: «Дзякуй Богу, ты выйшла». — «Дзякуй Богу, ты тут». Яны проста абняліся — і больш нічога не трэба было гаварыць. Гэты першы позірк, абдымкі і маўклівую размову я назаўжды запомніла.
«Марына зайшла ў залу, і людзі падняліся, пачалі пляскаць»
У лютым 2019 года пачаўся суд па «справе БЕЛТА». Марыну Золатаву як галоўнага рэдактара TUT.BY абвінавачвалі па артыкуле пра «бяздзейнасць службовай асобы». У дачыненні да астатніх фігурантаў крымінальныя справы спынілі.
— Я памятаю першы дзень суда, — успамінае Ганна Калтыгіна. — Марына зайшла ў залу, і людзі падняліся, пачалі пляскаць. Уся зала — усе, акрамя пракурора і суддзі. А потым яна села на лаву падсудных, і яе адразу атачылі фатографы — а яна сядзела спакойна, з той самай годнасцю, якую заўсёды ў сабе несла.
«Абсалютна простая, зусім без мішуры»
4 сакавіка 2019 года суд вынес рашэнне «па справе БЕЛТА» і прызначыў Марыне штраф. У рэдакцыі ў той дзень вырашылі сустрэць яе з кветкамі.
— Памятаю, як мы шукалі іх, — расказвае былая калега Марыны Вераніка (імя змененае дзеля бяспекі суразмоўніцы). — У найбліжэйшых крамах былі метровыя ружы, нават пасыпаныя бліскаўкамі, архідэі, розная дарагая экзотыка. Усё было не тое. Рэч зусім не ў цане, хацелася нечага небанальнага, патрэбны быў букет, які б падышоў менавіта Марыне. Што гэта, мы паняцця не мелі, проста бадзяліся і шукалі «не ведаю што».
Аб’ездзілі ўжо паўгорада — усюды адно і тое ж. І тут у кветкавай краме недалёка ад Камароўкі бачым — супрацоўнікі крамы распакоўваюць шыкоўныя свежыя цюльпаны вогненнага колеру. «Так, гэта ж яны! Рудыя кветкі — рудой Марынцы!» — закрычала адна нашая журналістка. Потым мы цягнулі гэты кветкавы агонь шэрай вуліцай да машыны, і ўсе людзі абарочваліся на, здавалася б, звычайныя цюльпаны ў простай паперы. Атрымалася нават сімвалічна. Бо і нашая Марына як тыя кветкі — абсалютна простая, зусім без мішуры, але такая яркая, светлая, запамінальная…
«Многія дзівіліся, што яна стаіць разам з табой пад плотам РУУС»
1 верасня 2020 года ў Мінску падчас працы сілавікі затрымалі шасцярых журналістаў, уключаючы супрацоўнікаў TUT.BY. Іх даставілі ў РУУС Кастрычніцкага раёна «для праверкі дакументаў». Ля сцен будынка тады сабралася некалькі дзясяткаў чалавек.
— Мы разам з Марынай правялі ноч ля сцен РУУС, — успамінае былая журналістка TUT.BY Алена Талкачова. — Перадавалі туды ежу, цёплую вопратку і разам з ёй абрывалі тэлефоны ўсіх прэс-службаў — МУС, Лукашэнкі, яго адміністрацыі — і патрабавалі вызваліць калег.
Марына была з намі тады. Была потым ва ўсіх судах, дзе давалі «суткі» нашым хлопцам і дзяўчатам. А праз месяц стаяла да ночы пад гэтым жа плотам, калі я аказалася ў тым самым РУУС, толькі ўжо ўнутры, у якасці затрыманай.
Марына вельмі перажывала за кожнага свайго калегу, адразу прыязджала, калі нешта здаралася. Ні разу не засталася ўбаку. Мне здаецца, у такія моманты яе нават трохі прыгнятала пасада галоўнага рэдактара. Многія ўспрымалі яе як вялікую начальніцу, а потым дзівіліся, што яна вось тут, стаіць ноччу разам з табой пад плотам РУУС. У гэтым — уся Марына.
«Яна за кратамі, а я на волі»
18 траўня 2021-га ўлады разграмілі TUT.BY: сайт заблакавалі, правялі ператрус у рэдакцыі і дамах супрацоўнікаў. Марына і яшчэ 14 чалавек сталі фігурантамі крымінальнай справы. У сакавіку 2023-га суд у Мінску агучыў прысуды Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай: кожнай па 12 гадоў пазбаўлення волі.
— Я не магла прысутнічаць на судзе. Усё, што заставалася, — чытаць навіны ў дзяржСМІ і прагна разглядаць іх жа фатаграфіі, — успамінае Ганна. — Дзяўчаты ў клетцы. Выглядаюць яны зламанымі? Вінаватымі? Не — яе і Мілу Чэкіну асудзілі за праўду. Але яны абедзве цяпер у калоніі.
І мне дагэтуль балюча ад таго, што Марына зноў адказвае за ўсіх нас — нягледзячы на тое, што мы, журналісты, проста выконвалі сваю працу. Пасадзілі іх улады — а сорамна ўсё адно мне. Не за сябе — за краіну і гэта «правасуддзе». За тое, як гучалі абвінавачанні: нібыта злачынствам стала проста жаданне сумленна працаваць.
«Чалавек, які з усмешкай і велізарным шчырым інтарэсам глядзіць на свет»
Цяпер Марына знаходзіцца ў жаночай папраўчай калоніі № 4 у Гомелі. Муж Марыны ў адказ на просьбу пра фота дзеліцца кадрам з Парыжа.
— На гэтым фотаздымку ўся Марына — чалавек, які з усмешкай і велізарным шчырым інтарэсам глядзіць на свет. Нават калі зрок не вельмі добры. Нават калі гэты зрок за апошнія чатыры з паловай гады зрабіўся нашмат горшы. І нават калі відаць не Манмартр з Сенай, а ПК-4 ды трохі «АЛМІ» дзесьці па-над Сожам.
Напісаць Марыне ліст, каб падтрымаць яе, можна па адрасе: 246 035, ПК № 4, вул. Антошкіна, 3, г. Гомель, Золатавай Марыне Васільеўне.



