Перавозчыкі анансавалі адкрыццё з 22 лістапада аўтобусных рэйсаў у кірунку Літвы, хоць мяжа пакуль застаецца закрытай. Продажы білетаў на першыя з іх ужо стартавалі, піша сэрвіс «Атлас».
У прыватнасці, ужо можна купіць білеты на аўтобусы Мінск — Вільнюс, якія ідуць праз пункт пропуску «Беняконі», адпраўленнем у 3.00 і 5.00. Першы выезд — 22 лістапада. Кошт білета — 185 рублёў. У зваротным кірунку гэтыя рэйсы выязджаюць у 11.35 і 15.10.
Акрамя таго, адкрыты продаж на рэйс Мінск — Вільнюс — Каўнас праз пункт пропуску «Каменны Лог», які пачынае курсаваць 23 лістапада. Адпраўленне з Мінска ў 4.00.
Нагадаем, раней стала вядома, што ўрад Літвы прыме рашэнне пра адкрыццё мяжы з Беларуссю 19 лістапада. Ёсць імавернасць, што пункты пропуску запрацуюць да 30 лістапада.
Акрамя таго, беларускія і літоўскія памежнікі правялі ў пункце пропуску «Лаварышкес» («Катлоўка») сустрэчу, каб абмеркаваць «пытанні барацьбы з супрацьпраўнай дзейнасцю на мяжы».





