Многія прызвычаіліся глядзець на класікаў беларускай літаратуры праз прызму школьнай праграмы. А яна, на жаль, звычайна абмяжоўваецца агульнымі словамі пра «ўнікальны талент» і «славутыя творы», плюс кароткімі звесткамі пра біяграфіі аўтараў. Без адмысловай зацікаўленасці зразумець, чаму менавіта гэтых людзей лічаць знакавымі асобамі для нашай культуры, складана. «Люстэрка» вырашыла выправіць гэта ў новым праекце «Пазакласнае чытанне». У ім мы па пунктах паспрабуем патлумачыць, чаму той ці іншы пісьменнік варты вашай увагі, і дакажам, што беларускае можна любіць не толькі за тое, што яно сваё, а яшчэ і за тое, што гэта сапраўды крута.